БОЛЕПАТО́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія дзеяннем на ц. н. с. выбарачна аслабляюць ці здымаюць боль. Падзяляюцца на наркатычныя і ненаркатычныя. Наркатычныя болепатольныя сродкі (марфін, амнапон — раслінныя алкалоіды, іх прэпараты атрымліваюць з опіуму, прамедол, фентаніл, пентазацын — сінт. заменнікі марфіну) выкарыстоўваюцца пры рознага паходжання моцных болях. Яны дзейнічаюць на эмацыянальную сферу і выклікаюць эйфарыю; пры працяглым іх ужыванні развіваецца лек. залежнасць (наркаманія). У вял. дозах прыгнечваюць дыханне, выклікаюць кому. Ненаркатычныя болепатольныя сродкі (аспірын, анальгін, бутадыён, парацэтамол і інш.) саступаюць наркатычным, малаэфектыўныя пры інтэнсіўных болях. Іх ужываюць пры галаўным і зубным болю, пры запаленчых працэсах і траўматычных пашкоджаннях суставаў, шкілетных мускулаў, перыферычных нерваў і інш., яны маюць процізапаленчае і гарачкапаніжальнае ўздзеянне; лек. залежнасці не выклікаюць. Пабочнае дзеянне: раздражненне слізістай абалонкі страўнікава-кішачнага тракту і ўтварэнне язваў, прыгнечанне кроваўтварэння.

А.С.Захарэўскі.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)